Гайд па хайкінгу ад нуля да аматара.

Частка 1: РЭЧЫ.


Калі вы толькі збіраецеся ў свой першы хайк, ці ўжо паспелі сутыкнуцца з нязручнасцямі падчас шпацыру, то гэты артыкул для вас.

Змест:

  1. Абутак.
  2. Заплечнік.
  3. Адзенне.
  4. Пітная вадкасць.
  5. Зручная ежа.
  6. Абарона ад сонца.
  7. Аптэчка.
  8. Трэкінгавыя палкі.
  9. Прылада для сэлфі.
  10. Рэзюмэ.

1. АБУТАК.

Гэта база. Хайкінг, у першую чаргу – хада нагамі, таму вельмі важна падтрымліваць іх у камфорце.

Для пачатку падыдзе любы спартыўны абутак. А бегавыя красоўкі – проста мастхэў. Аказваецца, у іх зручна не толькі бегаць, але і шмат хадзіць. Я адхайкаваў у сваіх больш за год, і ніколі мне не было ў іх няўтульна, акрамя выпадкаў, калі я шпацыраваў у іх па мокрым снезе ды лужынах па калена.

Не рэкамендуецца абутак з плоскай падэшвай. Басаножкі таксама могуць быць не лепшым выбарам нават у спякоту, асабліва, калі шлях праходзіць праз лес, бо вы можаце пакоцаць ногі аб палкі і расліны. Да таго ж, падэшва не павінна быць слізкай – для язды нават па камянях, усё ж, лепш падыдуць лыжы.

2. ЗАПЛЕЧНІК.

Гэта ваш багажнік. У ім вы носіце вашыя прыпасы, дадатковую вопратку і іншыя неабходныя рэчы.

Тут таксама важныя зручнасць і камфорт. Вы можаце смела выкарыстоўваць ваш гарадскі заплечнік, ці нейкі іншы. Галоўнае, каб вага вашага багажу размяркоўвалася сіметрычна – на абодва пляча.

3. АДЗЕННЕ.

Тут усё проста. Для пачатку, ды й не толькі, падыйдзе вашая звычайная вопратка (акрамя бальнай сукенкі ці касцюма тройка, канешне). Проста апранайцеся па надвор'ю, ды з улікам пэўных умоў цягам трэку.

Калі зараз лета ды спякота – можна йсьці ў шортах. Але, як і ў выпадку з басаножкамі, калі шлях можа праходзіць праз расліны, лепш апранаць штаны.